Леанід Швец – майстар, які захаваў і перадае нам, маладому пакаленню, тэхналогію вырабу чоўна, аднаго з самых старажытных транспартных сродкаў на нашых землях

Нясе свае воды Прыпяць, рака непаўторнай красы і багатай гісторыі. Яе плынь – гэта нітка, якая злучае мінулае з сучаснасцю, адлюстроўваючы ў сваіх водах лясы, лугі і вёскі. І плыве па Прыпяці хуткі човен, верны сведак гісторыі краю нібы просіць: «Зірніце на мяне, я тут, я ёсць!».

Хачу расказаць пра цікавага чалавека, што жыве ў маёй роднай вёсцы Перароў. Леанід Швец – майстар, які захаваў і перадае нам, маладому пакаленню, тэхналогію вырабу чоўна, аднаго з самых старажытных транспартных сродкаў на нашых землях. Варта адзначыць, што пытанне захавання майстэрства ўзнята на дзяржаўным узроўні: элементу «Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці» нададзены статус гісторыка-культурный каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Мы сустрэліся з Леанідам іванавічам, пачулі з яго вуснаў, які шлях праходзіць дуб, перш чым стаць чоўнам. Гэта нялёгкая праца, яна займае шмат часу і патрабуе ведаў і майстэрства. Больш за ўсё здзівіла, як нашы продкі маглі, не маючы сучасных тэхналогій, інструментаў, стварыць такі трывалы і дасканалы выраб.

Човен адрозніваецца ад лодкі тым, што робіцца з суцэльнага дрэва шляхам даўбання. На вадзе ён вызначаецца хуткасцю і манеўранасцю. Леанід Іванавіч паказаў свае інструменты: капыл, струг, цёслы, рубанак. Усе яны калісьці належалі яшчэ яго дзеду, які сам рабіў чаўны. Мы не маглі стрымацца: паспрабавалі сябе ў ролі цесляроў! Праўда, працавалі на простай калодцы, бо зараз майстар не мае магчымасці зрабіць човен, матэрыял дарагі, ды і не кожны дуб падыходзіць для гэтай справы. Тут важна ўсё: даўжыня, таўшчыня бартоў і днішча, шырыня вырабу. А ці ведаеце вы, якім павінна быць вясло? Не так усё проста! Яно павінна адпавядаць росту гаспадара плаўсродка, шырыні далоні, інакш веславаць будзе нязручна і цяжка.

Шмат сакрэтаў рамяства адкрыў Леанід Іванавіч, вельмі ўдзячны яму за гэта! Нас вельмі ўразіла, з якім захапленнем і радасцю дзяліўся ён сваімі ведамі. Відаць, што для яго вельмі важна, каб не знікла тэхналогія вырабу чоўна, каб не страцілі мы часцінку гісторыі нашага краю.

Сустрэча з таленавітым земляком абудзіла цікавасць да народнага рамяства апрацоўкі драўніны. Мой сябар Яраслаў Доўбан зрабіў у школьнай майстэрні свой човен, праўда, ён маленькага памеру, ды і дапамаў яму ў гэтым настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Дзмітрыевіч. Але гэта ж толькі пачатак, галоўнае – не баяцца новай справы, не забываць мінулае, каб смела крочыць наперад.

Станіслаў Хмель,

вучань 10 класа Азяранскай СШ

Фота Аляксея Сталярова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!