Заўсёды наперад, ніколі назад. Асабісты погляд журналіста «НП»
Каляндар адлічвае апошнія дні адыходзячага года. У той час, калі снежань саступае месца студзеню, усе мы, не зважаючы на ўзрост, падобна дзецям, з нецярпеннем чакаем цудаў, верым у лепшае і гатовы раскрыць свае душы дабрыні.

Памятаю, як у маленстве спрабавала разгадаць тайну свята. Пакуль мама са старэйшымі сёстрамі заканчвалі сервіраваць стол, накінуўшы на плечы клетчатае паліто, (у такія, напэўна, тады апраналі ўсю дзятву Савецкага Саюза), ціхенька выслізгвала на ганак. За варотамі патрэскваў мароз, рыпелі пад нагамі крохкія сняжынкі, заклікальна гарэла святло ў навакольных хатах, а паветра было насычана прадчуваннем нечага таямнічага і светлага. З заміраннем сэрца я ўглядалася ў далячынь, спрабуючы здагадацца, адкуль жа ідзе той самы Новы год і як ён выглядае?
У кожным доме – свае традыцыі сустрэчы свята. Раней гэта рабілі ў больш калектыўным фармаце – са шматлікаю раднёй, нават калег запрашалі. Ведаю, як суседзі ў пад’ездзе адной з жыткавіцкіх шматпавярховак на лесвічнай пляцоўцы ладзілі стол, ёлку і танцы на ўсю ноч. Тэндэнцыя ж апошніх гадоў – самы знамянальны дзень года адзначаць па-сямейнаму: ціха і ўтульна. І гэта зразумела: мяняецца час, а з ім і рытуалы. Нават прырода перапісала зімовы расклад, зрабіўшы беларускія назвы месяцаў – снежань, студзень і люты – не адпавядаючымі рэчаіснасці. Галоўнаму чараўніку ў пару з санак перасаджвацца на веласіпед і валёнкі мяняць на гумавыя боты. Дзіцячыя навагоднія вершы ды песні накшталт “метель ей пела песенку” таксама патрабуюць актуалізацыі На газонах зелянее трава, а ў Белавежскай пушчы, як пішуць, расцвілі пралескі. Не іначай спраўдзілася казка “Дванаццаць месяцаў”. Памятаеце, як падчарыца па загаду злоснай мачахі шукала ў лесе падснежнікі, і братка Красавік на некалькі хвілін памяняўся са Снежнем сваёй зменай, каб дзяўчынка не вярнулася з пустымі рукамі?
А ўсё ж па гурбах, дзе не адно пакаленне дзяцей, раскінуўшы рукі, “рабілі анёла”, мы сумуем. Санкі, лыжы і ўзвядзенне крэпасці, па прагнозах сіноптыкаў, верагодна застаюцца ў мінулым. Шкада… Мая свякроў доўга падтрымлівала святую веру сына ў Дзеда Мароза арыгінальным спосабам. Галоўнае – было непрыкметна выйсці з хаты, а далей, як кажуць, справа тэхнікі. Дзедавымі вялікімі галошамі па свежаму беламу покрыву рабіла да ганку сляды, церушыла снегам па падлозе і пакідала на лаве каля ўваходных дзвярэй кулёк цукерак (той самы, ад прафсаюза). Калі маленькі Саша знаходзіў падарунак, яго радасць хіба што азмрочвала шкадаванне, што зноў не ўцікаваў чараўніка.
Стаўшы дарослымі, мы таксама верым, што Новы год прынясе станоўчыя змены і здзейсніць планы. Хаця ўжо не чакаем Дзеда Мароза, а самі выступаем у яго ролі. Рыхтуем падарункі для дзяцей, адрасуем цёплае прызнанне ў каханні і ўдзячнасць сваёй другой палавінцы, клапоцімся пра бацькоў (шчасце таму, у каго яны яшчэ ёсць). Вопыт падказвае, што не трэба баяцца праяўляць чуласць, а паспець сказаць добрае слова таму, каго любім і цэнім, дужа важна. Нават самы просты, але шчыры камплімент, эмацыйная падтрымка здольныя змяніць нечае жыццё.
Праважаючы 2025-ы, азірнемся, каб падсумаваць, якім ён быў. Упэўнена, што кожны знойдзе, за што падзякаваць мінулым дням. Пазітыўных і радасных падзей, калі іх спецыяльна заўважаць, нам выпадае ўсё ж больш. А складанасці і няўдачы псіхолагі раяць успрымаць не як паражэнне, а як вопыт, які загартоўвае.
З кожным новым годам прыходзіць магчымасць пачаць усё з чыстага аркуша. Гэта шанец для кожнага з нас стаць лепей, зрабіць тое, пра што марылі. У такі чароўны перыяд абуджаецца жаданне верыць – у сябе, свае сілы, у тое, што ўсё магчыма. Галоўнае – захаваць у даросласці, што іншы раз падаецца шэрай і будзёнай, тую іскрынку дзіцячага захаплення і надзеі на цуд. Давайце будам заўважаць моманты няхітрага шчасця і цаніць іх.
З надыходзячым, сябры!
Святлана ШАКАЛЯН
