Чаму Новы год стары і як яго святкаваць?

Пасля таго, як звычайны Новы год адгрымеў, а вуліцы зноў напоўніліся людзьмі, не трэба спяшацца развітвацца са святочным настроем. Наперадзе нас чакае яшчэ адна важная зімовая дата – стары Новы год, што адзначаецца з 13 на 14 студзеня.

Крыху гісторыі. Не ўсе ведаюць, што яго святкаванне ўзыходзіць да 1918 года. Савецкая Расія, пераходзячы на грыгарыянскі каляндар, скасавала юліянскае летазлічэнне. Гэта прывяло да разыходжання, і ў выніку многія людзі сталі адзначаць абедзве даты. Такім чынам, стары Новы год стаў сімвалам устойлівасці традыцый і культурнай ідэнтычнасці народа. Ён зберагае ў сабе элементы старых звычаяў і псіхалогію святкавання, якія ўласцівы любой навагодняй урачыстасці. А ва ўмовах нашай краіны і ў прыватнасці ў нашым раёне, дзе існуюць свае ўнікальныя традыцыі, гэтае свята напамінае аб сям’і, утульнасці і дамашнім цяпле.

Вечар перад старым Новым годам – Шчодры. Гэтую назву ён атрымаў ад куцці – абрадавай ежы. У адрозненне ад поснай (каляднай), яна сапраўды была шчодрай: на стол ставіліся смажаныя каўбасы, свежаніна, сыр, яечня, бліны з падліўкай, варэнікі з сюрпрызам. Так як у першы дзень Новага года па старому календару праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць памяць святога Васілія Вялікага, які лічыцца апекуном свінаводаў, гаспадыні стараліся, каб на стале прысутнічала як можна больш страў са свініны. Да Шчодрага вечара імкнуліся прыгатаваць шмат пачастункаў, таму што, згодна старадаўняму павер’ю, як чалавек правядзе стары год і сустрэне новы, такім будзе для яго ўвесь наступаючы год.

У гэты дзень таксама прынята дарыць падарункі, хаця яны могуць быць менш значнымі, чым на 1 студзеня. Гэта ў большасці выпадкаў сімвалічныя сувеніры: нешта смачнае і салодкае (наборы чаю, кавы, мёду, арэхаў, цукатаў, карзіны з садавінай, шакалад, пячэнне, пернікі, наборы для выпечкі), тое, што сімвалізуе цяпло і ўтульнасць (пледы, шалікі, пуховыя хусцінкі, наборы пахучага мыла, крэмаў і геляў для душа), для хобі і адпачынку (наборы для рукадзелля, кнігі рэцэптаў, тэматычныя аксэсуары, настольныя гульні, сертыфікаты на масаж, у басейн), карысныя дробязі (штодзённікі, якасныя ручкі, гіпаалергенныя падушкі, пасцельная бялізна). Галоўнае правіла – дарыць трэба тое, што спатрэбіцца і сагрэе ў халодны час, падкрэсліць клопат і створыць святочны настрой.

З цягам часу традыцыі мяняюцца. Сучаснае святкаванне старога Новага года часцей  уключае ў сябе элементы грыгарыянскага Новага года і Каляд, такія, як упрыгожанне елкі, масавыя вечарыны і канцэрты, і, канечне ж, шчадроўкі. Тым не менш многія сем’і працягваюць зберагаць свае ўнікальныя звычаі і наладжваюць дамашнія святы, што надае гэтай падзеі асаблівы шарм і атмасферу ўтульнасці.

Аднак гэтая падзея і ў Жыткавічах, і ў вёсках нашага раёна не абыходзіцца без такога важнага і асаблівага элемента, як Шчадроўкі. Гадоў трыццаць таму назад шчадроўшчыкі (а гэта маглі быць і дарослыя, і дзеці, якія хадзілі па хатах і ў адзіночку, а ў пераважнай большасці па некалькі чалавек, групамі) стараліся ў гэты вечар апрануцца ў адпаведнае адзенне – маскі, касцюмы, якія напамінаюць жывёл (казу, мядзведзя, ваўка), казачных персанажаў (старыя ў лахманах, купцы, цары), яркія хусткі, бралі з сабой так званую Зорку (якая сімвалізуе Віфлеемскую зорку). Праз такое пераўвасабленне і спецыяльныя абрадавыя песні людзі жадалі тым, да каго прыйшлі, дастатку і шчасця ў дом і сям’ю. Раней шчадроўшчыкі віншавалі людзей са святам, стоячы каля хаты ці пад вокнамі або пад дзвярамі кватэры. І гаспадары ў знак удзячнасці выносілі ім разнастайныя прысмакі: каўбасы, сала, мяса, цукеркі, печыва, дарослым маглі даць гарэлкі ці віна. Зараз жа ў большасці выпадкаў шчадруюць без касцюмаў і Зоркі, песні спяваць заходзяць у хату ці кватэру, а ў якасці падарункаў ад гаспадароў ім патрэбны не толькі прысмакі, але і грошы.

Так, час ідзе, старыя традыцыі адыходзяць і з’яўляюцца новыя, сучасныя. Аднак і зараз маладыя дзяўчаты і жанчыны ў ноч з 13 на 14 студзеня гадаюць на суджанага, на такое жаданае імі замужжа, таму што Васільеў вечар здаўна лічыцца ўдалым для прадказанняў і прароцтваў. Існуюць пэўныя прыкметы, звязаныя са святкаваннем старога Новага года. Напрыклад, нельга прыбіраць, бо можна вынесці ўдачу з дома, не варта даваць грошы ў пазыку, таму што гэта можа прывесці да недахопу сродкаў у будучым. Калі першым у дом раніцай 14 студзеня прыйдзе мужчына ці хлопчык з мнагадзетнай сям’і, гэта лічыцца добрым знакам на ўвесь год. Існуюць прыкметы і на надвор’е: начное яснае неба – багаты ўраджай ягад; вецер з поўдня – год спрыяльны і цёплы,  калі з захаду – трэба чакаць многа малака, а таксама рыбы, з усходу – на добры ўраджай садавіны. Каб у цэлым ураджай удаўся, раніцай страсалі з пладовых дрэў снег. Калі ж надвор’е марознае, сухое, то грыбоў у гэтым годзе чакаць не трэба.

Стары Новы год – гэта не проста святкаванне, але і магчымасць ушанаваць традыцыі, правесці час з блізкімі і акунуцца ў атмасферу дамашняга цяпла. Гэтая дата аб’ядноўвае мінулае і сучаснае, з’яўляючыся сімвалам сувязі пакаленняў. З году ў год стары Новы год зберагае сваю ўнікальнасць і садзейнічае працягу нашых мясцовых культурных традыцый, што робіць яго важным элементам беларускай нацыянальнай спадчыны. Але самая галоўная традыцыя гэтага дня – сабрацца ўсёй сям’ёй і павіншаваць тых, каго не паспелі. Важна быць у добрым настроі, пакінуць песімістычныя думкі, пазбягаць канфліктаў, каб наступны год прайшоў спрыяльна, і адкрыць сваё сэрца для нечага новага і светлага. Неабходна раздаць пазыкі, памірыцца з усімі, дараваць тым, на каго трымалі крыўду. Няхай кожны падарунак, зроблены ці атрыманы, кожнае пажаданне будуць сімваламі ўдачы і дабрабыту ў 2026-ым.

 

 

Алена Жаўнерык

Фота інтэрнэт

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!