Наперад у мінулае. Праз двадцаць чатыры гады Андрэй Субат застаецца верны роднай зямлі
Героя нашай рубрыкі, дзе мы расказваем, як жывуць людзі, пра якіх «Новае Палессе» пісала раней, знайшлі ў выпуску газеты за 16 лістапада 2002 года.

Андрэй Субат на той час амаль паўтара дзясятка гадоў адпрацаваў механізатарам калгаса «Новае жыццё» (зараз у складзе ААТ «Тураўшчына»). За рулём МТЗ-82 перадавы трактарыст, выпускнік Жыткавіцкага прафтэхвучылішча выконваў розныя сельгасработы, і да сваёй тэхнікі, як пісаў наш журналіст, адносіўся з уласцівым яму стараннем і ашчаднасцю. Але неўзабаве яго біяграфія зрабіла круты віраж.

– Такімі цяжкімі нават славутыя 90-ыя не здаваліся, як пачатак новага веку, – успамінае пра мінулыя падзеі Андрэй Сцяпанавіч. – Калі б хто тады сказаў, што прыйдзецца шукаць лепшай долі, не паверыў бы. Калгас, які бачыўся самай стабільнай арганізацыяй, пачаў сур’ёзна здаваць пазіцыі.
У хуткім часе пасля той публікацыі Субат змяніў аграрную сферу на дарожную. Спачатку ў працоўнай кніжцы з’явіўся запіс аб прыёме ў ДЭУ-48, а потым аб пераходзе ў ДЭУ-111, дзе па сёняшні дзень шчыруе тураўчанін. І хаця ў гэтай напружанай справе падтрымання належнага стану магістраляў няма лёгкіх сезонаў, сваёй работай вадзіцель пагрузчыка задаволены. Кажа, што і зарплата добрая, і на калектыў з начальствам пашанцавала.
А тую невялікую заметку з фатаграфіяй 24-гадовай даўнасці наш герой не памятае, хаця газету, прызнаецца, сям’я выпісвае рэгулярна. Дарэчы, пра сям’ю. Тут нас таксама чакаў сюрпрыз. Запытаўшы, як справы на асабістым фронце, пачулі, што мужчыну і з гэтым напаткалі вялікія змены. Андрэй Сцяпанавіч другі раз ажаніўся. Яго спадарожніца жыцця працуе сацыяльным работнікам. У пары нарадзіўся сын. Але герой публікацыі падтрымлівае роднасныя сувязі і са старэйшымі дзецьмі. Дачка і абодва сыны ўжо пабраліся шлюбам і пусцілі трывалыя карані на Тураўшчыне, а бацьку зрабілі шасціразовым дзедам.

– Гэта такая радасць – бачыць, як растуць унукі, – з замілаваннем зазначае Андрэй Субат. – Старэйшай восем гадочкаў, меньшай ідзе другі. Адчуваю сябе сапраўды шчаслівым чалавекам. Сям’я ёсць, работа нармальная, на здароўе пакуль не скарджуся: што яшчэ ў жыцці трэба? Хіба што карысна іншы раз азірнуцца назад і, ўспомніўшы, праз якія цяжкасці прыйшлося прайсці, падзякаваць сёняшняму дню, што ўсяго хапае, толькі не лянуйся рабіць.
Вольны час Сцяпанавіч аддае працы. Сужэнцы трымаюць гаспадарку і парнік. А захапленне любімай рыбалкай 56-гадовы мужчына адкладвае на пенсію.
На развітанне ў субяседніка запыталі, што б сабе маладому параіў, калі б была такая магчымасць. І ў адказ пачулі: «Не трэба баяцца перамен, яны заўжды да лепшага».
Святлана Шакалян
Фота аўтара і з архіву «НП»
