Якое ж шчасце без вас?

Кажуць, што планетай кіруюць мужчыны. А мужчынамі кіруюць жанчыны. Дык хто ж тады, у рэшце рэшт, кіруе планетай?

Калі наш Прэзідэнт аб’явіў год бягучы Годам беларускай жанчыны, то для мяне, прызнацца, гэта не стала вялікай нечаканасцю. Справа ў тым, што ў апошнія гады і нават дзесяцігоддзі наша рэспубліка ў самым добрым сэнсе гэтага слова ўзяла курс на «матрыярхат». Калі я ў 1979 годзе прыйшоў працаваць у рэдакцыю раённай газеты, то ў раённых газетах Гомельшчыны амаль усе рэдактары былі мужчыны. За выключэннем мазырскай газеты. А зараз з 20-ці выданняў нашай вобласці ў 18-ці калектывы ўзначальваюць жанчыны.

А возьмем нашу Жыткаўшчыну. Яе школы, медыцыну, сацыяльную сферу. Пераважаюць жанчыны. І гэта добра, бо працуюць яны эфектыўна, жанчыны больш дысцыплінаваныя, надзейныя і адказныя, яны не зап’юць і не загуляюць, як часам асобныя мужчыны. Вось чаму нашым жанчынам, як кажуць, і сцяг у рукі…

Калі я думаю пра тое, хто ж такая для мяне ідэальная жанчына (хаця, безумоўна, у жыцці няма ні ідэальных жанчын, ні ідэальных мужчын), то заўсёды ўспамінаю сваю матулю Надзею Іванаўну. Якая нарадзіла і выхавала нас васьмёра: чатырох сыноў і чатырох дачок.

…Позні вечар, на вуліцы ўжо цёмна. Дровы ў печы дагарэлі, і так хочацца доўга пазіраць на ярка-чырвоныя жарынкі. Яны быццам таямніча табе падмігваюць. Але зараз не да жартачак і свавольства, бо нам, дзецям, трэба рабіць урокі. А ля печы ўпраўляецца маці, яна тут паўнапраўная гаспадыня. Чыгункі, гаршкі і патэльні стаяць у яе ў печы ў два, а то і ў тры «паверхі». Рыхтуе адразу і на сям’ю, і на хатнюю жыўнасць. Адно варочае, другое адцэджвае, адно выймае, другое ставіць. Мы толькі дзіву даёмся, бо такім майстрам-віртуозам быць нялёгка. Робіць усё хутка, спрытна, умела. Гэтак жа як гаворыць і ходзіць…

Электрычнасць у вёску яшчэ не правялі, і мы робім урокі пры керасінавай лямпе. Паміж дзвюмя палавінкамі хаты шчыльна паставілі адну да другой табурэткі, заслалі іх газетамі. Пасярэдзіне – лямпа. Хто піша, хто чытае. А хто пачынае другім перашкаджаць, то маці паспявае ў яго бок чапялою памахаць ды ўладна прыкрыкнуць. Яна любіць ва ўсім чысціню, парадак і дысцыпліну. Калі мы пачынаем скардзіцца на строгасць нашых настаўнікаў, то яна катэгарычна махае ў паветры рукою: «А што вы хацелі – на галовах хадзіць? Будзе парадак, будзе дысцыпліна – будзе і вучоба добра ісці».

У самыя цяжкія пасляваенныя гады, калі не даставала ежы, вопраткі, абутку, да бацькоў не раз прыязджалі прадстаўнікі Жыткавіцкага інтэрната і прапаноўвалі, угаварвалі аддаць мяне з малодшым братам Валодзем у казённыя сцены іхняй дзяржаўнай установы. Але маці была няўмольная: апошнім кавалкам хлеба падзелімся, апошняй бульбінай, але будзем разам…

Памяць у маці – пазайздросціць можна. Помніць не толькі дзяцінства, калі завейнаю зімою вазілі іх хлопцы на санках з Чэрнічаў, дзе яна нарадзілася, у Пагост, як пазней браў яе з сабою бацька, кіраўнік будаўнічай брыгады, улетку ў вялікую палескую вёску Тонеж, дзе яны ўзводзілі новыя смалістыя дамы і дзе яе ледзь не з’елі камары, але і нямецкі горад Дрэздэн, дзе была ў палоне, назвы вуліц і нумары дамоў, імёны нямецкіх дзяўчат і жанчын. Яна добра ведала нямецкую мову, таму ў школе нам вывучаць яе было лёгка. А пазней гэтую падмогу ад яе атрымлівалі ўнукі.

Маці пражыла 87 гадоў. Прасіла, каб яе магілка не была ў глыбіні могілак, а з краю, бліжэй да дарогі. «Хачу ўсё чуць і ўсё бачыць», – казала яна. Яе воля была споўнена. Так што яна ўсё бачыць і ўсё чуе. Добры дзень, мама! Спакойнай ночы, мама! Ты заўсёды з намі. А мы – з табою…

А ці ж магу я забыць сваю першую настаўніцу Вільчанскай васьмігодкі Людмілу Фролаўну Слепянкову! Якая не толькі вучыла нас чытаць і пісаць, але і хораша спявала.

Увогуле ў нашай вёсцы жылі працавітыя, цікавыя жанчыны. Цётка Воля касіла не горш за мужыкоў. Цётка Валя ў час вечаровых адпачынкаў добра іграла на балалайцы. А колькі работы ў калгасе па хатняй гаспадарцы перарабілі іх лоўкія, умелыя рукі – не злічыць! Колькі малака надаілі, сена нагрэблі, жыта напажыналі, бульбы накапалі, лёну нацерлі, гною ў падводы панакідалі. Колькі ягад, грыбоў, жалудоў паназбіралі іхнія нястомныя, залатыя ручкі…

Вось стаяць яны ў маёй памяці ў хустках, ватоўках і чобатах. Нашы самыя лепшыя ў свеце палекія мадонны. Нашы мілыя Ганны і Марусі, Настахі і Паўлінкі, Параскі і Еўкі. Якія заслугоўваюць самых цудоўных песень і карцін, паэм і раманаў. З натруджанымі, агрубелымі ад паўсядзённай работы, чырвонымі рукамі, якія яны пры сустрэчы альбо ў час рэдкіх святаў сарамліва хавалі ў прыпол. Не цалавалі іх ручкі мужчыны, як паненкам гарадскім, распешчаным. А менавіта ж гэтыя, вясковыя рукі жанчын-гарапашніц і заслугоўваюць самай вялікай у свеце пяшчоты.

…Немцы наляцелі на матацыклах у Вільчу нечакана, нібы чорная хмара. І людзі кінуліся ў лес, ва ўрочышча Зарагожнічы, дзе былі курані, а далей стаялі партызаны. Разам з другімі бегла і яна – Ульяна Паўлаўна Кулакевіч, тады яшчэ маладая жанчына. У гэтай гарачцы забыўшыся пра сваю маленькую дачушку, якую пакінула ў хаце. Цяжкі одум прыйшоў да яе толькі ў лесе: божачкі, што я нарабіла, пакінула дзіця сярод чужынцаў…

І яна, нібы тая ваўчыца, папаўзла ў бок сваёй вёскі, свайго двара. Яе схапілі, дапытваліся пра партызанаў. Яна сцвярджала адно: не ведаю, паночкі, не бачыла. Білі шампаламі і, як яна сама расказвала, устаўлялі рулю нагана ў рот. «Гэта ж, думаю, як скажу, што яны ў Зарагожнічах, – успамінала пазней наша гераічная Ульяна Паўлаўна, – то пойдуць і паб’юць партызан і людзей, якія непадалёку схаваліся. А так адна загіну». Немцы пакінулі яе, акрываўленую, ляжаць на падлозе, думаючы, што аддасць Богу душу. А яна выжыла… І пазней мае аднавяскоўцы з павагаю казалі: наша Ульяна сваім маўчаннем усю Вільчу выратавала…

Гэта былі яшчэ тыя колішнія, савецкія жанчыны. Са сваёй верай і вернасцю. З прыроднай сарамлівасцю і далікатнасцю. Сумленныя былі, мо таму так цяжка і так лёгка ім жылося на гэтым белым свеце…

Светла ўспамінаю свайго былога дырэктара Людзяневіцкай сярэдняй школы Ніну Браніславаўну Кліменка – настаўніцу рускай мовы і літаратуры. У 2019 годзе я перадаў ёй у Жлобін, дзе яна тады жыла, сваю другую кнігу «Птушкі ляцяць на Палессе». Яна пазваніла мне, падзякавала, і мы размаўлялі цэлых дзве гадзіны. Успомнілі ўсё, што маглі ўспомніць. Гэта былі такія запамінальныя, хвалюючыя мінуты!

Я паважаю сваю жонку, з якой мы пражылі вось ужо 46 гадоў. Маю прыгожую і добрую, гаспадарлівую і вясёлую Марыю Міхайлаўну. А здаецца, што яшчэ толькі ўчора гуло вяселле. Між іншым, гэта было першае вяселле ў нашай вёсцы, на якое мы з Жыткавічаў прывезлі разам з гасцямі вакальна-інструментальны ансамбль. І цэлыя тры дні мае землякі танцавалі і спявалі ў мясцовым клубе пад гукі гэтага ансамбля.

Я ганаруся сваёй дачушкай Насцяй, якая працуе «дальнабойшчыцай» у Польшчы. І на сваім агромністым грузавіку (фуры) аб’ездзіла з самымі рознымі народнагаспадарчымі грузамі каля дзесяці краін Еўрасаюза. Работа, згадзіцеся, з якой справіцца далёка не кожны мужчына…

Дык як жа нам не ганарыцца такімі жанчынамі-беларускамі! Незнарма сказаў некалі наш Янка Купала:

– У беларускую дзяўчыну,

Калі тут праўду ёй аддаць,

Ніхто шчэ каменем не кінуў

І не адважыцца кідаць…

 

Сяргей КУЛАКЕВІЧ, член Беларускага Саюза журналістаў

Фота Вікенція Кіжнёва

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!