Наперад у мінулае. Сапраўднае шчасце за пяць гадоў здарылася з Галінай Кудзелька
Працягваем нашу рубрыку, у якой цікавімся лёсам тых, пра каго раней пісала раёнка. Сёння зазірнем у недалёкі 2021 год. Гераіню гэтага матэрыялу адшукалі ў нумары за 14 жніўня 2021 года.


Пазітыўнае фота медыцынскай сястры агульнай практыкі Дзякавіцкай амбулаторыі Галіны Кудзелька, ад якога вее цеплынёй і шчырасцю, проста не магло не звярнуць на сябе ўвагі. Між іншым, той час для ўсёй нашай медыцыны стаў сапраўдным выпрабаваннем на прафесіяналізм і трываласць. Пандэмія каронавіруса, хаця і пайшла ўжо на спад, але актуальнасці не губляла. Людзі ў белых халатах вялі шырокую тлумачальную работу з насельніцтвам, накіраваную на прафілактыку небяспечнай хваробы.

У згаданай нататцы «Есть медики в наших селеньях» журналіст «Новага Палесся» пісаў: «кампания по вакцинации сегодня активно развернулась и тут, где большая часть пожилых людей с хроническими заболеваниями, – мишень для новой инфекции. Уже привились 219 человек, самой старшей жительнице из зоны обслуживания, сделавшей этот ответственный шаг, 84 года».
– Вядома, спачатку было страшнавата, – не саромеецца прызнавацца Галіна Іванаўна. – Кавід многіх закрануў і даволі сур’ёзна паўплываў на здароўе. Толькі нам не было калі разважаць, стараліся ўсімі сіламі дапамагаць землякам змагацца з заразай. Ахоўная маска, касцюм – і па выкліках цэлымі днямі.
Яна і сама перанесла пнеўманію, выкліканую каронавірусам. Практычна на нагах, з высокай тэмпературай. Чаму адразу не ўзяла бальнічны? Напярэдадні такая ж хвароба напаткала другую медсястру, і з урачом яны засталіся на «перадавой нябачнага фронту» ўдвух. Калі б Галіна Іванаўна, не дачакаўшыся вяртання калегі ў строй, засталася дома, то амбулаторыю прыйшлося б закрываць. А значыць, недужыя людзі мусілі б ехаць на прыём у Жыткавічы. Пашкадавала вяскоўцаў.

– Не магла я па-іншаму зрабіць, – без лішняга геройства тлумачыць свой самаахвярны ўчынак суразмоўца. – Усё абышлося амаль без наступстваў. Затое потым, калі пачалася прышчэпачная кампанія, на сваім прыкладзе мы, медыкі, паказвалі яе эфектыўнасць. Бывала, да сотні чалавек за дзень вакцыніравалі.
Цікава, што, калі б не збег абставін, амбулаторыя магла не дачакацца Галіны Кудзелька, а сфера аховы здароўя – такога высокакваліфікаванага спецыяліста. Жанчына расказала, што хацела вучыцца на настаўніка. «У цябе, Галя, добрая ўсмешка і погляд адкрыты, – неяк прыкмеціла педагог яе школы ў Дзякавічах Тамара Кацубінская. – Ідзі ў медыцыну». На размеркаванні пасля заканчэння Пінскага вучылішча, ідучы з 28 дзяўчат дзявятай, сваё прэстыжнае месца ў Петрыкаўскім радзільным доме будучая акушэрка, добрая душа, саступіла сяброўцы, чым дужа здзівіла членаў камісіі. Паўтара гады маладая спецыялістка адпрацавала ў амбулаторыі на Лунінеччыне, а потым, у 1990-ым, вярнулася ў родную вёску, дзе неўзабаве пабралася шлюбам. Сцэнарый жыцця атрымаўся, як у прымаўцы: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».
Хутка праляцеў час. За плячыма – не толькі стаж, а і вялікі вопыт служэння людзям. У тым ліку і грамадскі – дэпутатам сельсавета.
Дарэчы, па прафесійных слядах Галіны Іванаўны пайшла яе дачка Вікторыя, стаўшы акушэрам-гінеколагам. Другая, Анастасія, працуе ў адным з райаддзелаў Следчага камітэта. Але нішто не можа параўнацца з самай галоўнай падзеяй, што адбылася за пяць гадоў, якія мінулі з моманту публікацыі. Дзеці падаравалі сваім бацькам доўгачаканых унукаў – Палінку і Славіка. Вось гэта, па словах суразмоўцы, і ёсць сапраўднае шчасце.

А вяртаючыся думкамі ў 2021-ы, дзякаўчанка пажадала б сабе і ўсім навокал, каб у свеце быў мір, а астатняе – дробязі.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота з архіву гераіні публікацыі
