Нашы карані: як сёння жыве пасёлак Чырвоная Зорка
Тры вуліцы, больш за дзве сотні жыхароў, дзясятая частка якіх – дзеці, і ніводнага пустуючага дома. Так коратка можна ахарактарызаваць прыгарадны пасёлак Чырвоная Зорка. А пазнаёміцца з людзьмі, што сваімі лёсамі пішуць яго гісторыю, нам дапамагла загадчыца мясцовага клуба-музея Тамара Мацукевіч.

Дзеці пасёлка
У пачатку паселішча прыцягнуў увагу арыгінальны адрасны ўказальнік. На слупе жалезныя літары складаюць назву вуліцы «Новая» і нумар сядзібы. Тут жыве, вобразна кажучы, будучае Чырвонай Зоркі. Наяўнасць дзяцей першым выдае двор – з басейнам, батутам і арэлямі. А ўжо потым на ганку дагледжанага катэджа заўважаеш шэраг малечага абутку. У Таццяны Пракаповіч трое дзетак. Самай малодшай, Еве, споўнілася два гадочкі. Загінаючы чатыры пальчыкі на руцэ, другая дзяўчынка, Вікторыя, паведаміла нам пра свой узрост. Адзіны мужчына ў сям’і – Максім, якому трынаццаць, – ва ўсім памочнік. Хлопец прызнаўся, што і дровы секчы ўмее, і сняданак сястрычкам, калі спатрэбіцца, без праблем згатуе, а больш за ўсё, канечне, любіць маміны прысмакі – піцу, сушы і бургеры.

– У юнацтве, як многіх равеснікаў, і мяне цягнулі вялікія гарады, – Таццяна Сяргееўна паведаміла, што пэўны час жыла ў Мазыры. – А, вярнуўшыся на радзіму, зразумела: наш пасёлак нічым не саступае. Прыродны газ хутка падключаць, аўтобусны маршрут наладжаны, райцэнтр пад бокам, школа, садзік. Неўзабаве Чырвоная Зорка наогул можа стаць жыткавіцкім мікрараёнам.
Панская спадчына
Як нецяжка здагадацца, імя пасёлку даў рыбгас «Чырвоная Зорка». Па інфармацыі з адкрытых крыніц, ён быў створаны недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Тыповая для савецкай тапанімікі назва падкрэслівала «рассвет новага», калектыўны пачатак. З цягам часу вакол вытворчых магутнасцей – сажалак, інкубацыйнага цэха, адміністрацыйных і бытавых пабудоў – вырасла рабочае паселішча.

Цікава, што рыбу на гэтым месцы вырошчвалі яшчэ да рэвалюцыі. Сажалкі належалі мясцоваму памешчыку, які жыў у маёнтку Чыстая Лужа, што знаходзіўся каля Подаўжа. Пра гэта найменне мы яшчэ згадаем, а пакуль ідзем да залатых юбіляраў.
Паўстагоддзя разам
Сужэнцы Некрашэвічы жывуць тут роўна 50 гадоў. Самы доўгі і шчаслівы ў пасёлку шлюб. Ураджэнку Брэсчыны Лідзію Дмітрыеўну прыслалі на жыткавіцкі хлебазавод тэхнолагам, а Віктар Міхайлавіч рабіў там вадзіцелем.
– У знак сімпатыі ён мне шакаладку часта ў кішэню клаў, – жанчына з пяшчотай кідае позірк на сваю другую палавінку. – Як зразумела, што гэта мой чалавек? Напэўна, нейкая хімія спрацавала.
Пасля вяселля яны вырашылі пусціць карані на радзіме галавы маладой сям’і.

– У маім дзяцінстве тут было, здаецца, шматлюдней, – у цяньку двара пад шатамі дрэва ўспаміны гаспадара разам з намі слухае і кот Рыжык. – Жылі мы ў бараках, бацька рабіў дызелістам, «гнаў» свет на сажалкі. Тут я скончыў пачатковую школу.
Пераважная большасць людзей працавала ў рыбгасе. Колькі ў гэтым паселічшы вырасла патомных рыбакоў! Ударнікі білі свае рэкорды.
– Карпоў прадавалі не тое што па ўсёй Беларусі, нават у Маскву вагонамі-рэфрэжэратарамі вазілі, – з настальгіяй прыгадвае росквіт прадпрыемства былы яго бухгалтар Лідзія Некрашэвіч. – На маёй памяці вырошчвалі 1200 тонн таварнай рыбы за сезон. Адных толькі нагульных сажалак было, па-мойму, сямнаццаць, а колькасць нераставых і зімавальных вылічалася дзясяткамі.
Па словах суразмоўцаў, жыццё тут кіпела і пасля працы. Стадыён не пуставаў, была свая валейбольная каманда, у клубе да ночы гулялі ў більярд. Для рабочых жыллё будавалі. Адну з вуліц сёння ўпрыгожваюць 14 так званых прэзідэнцкіх катэджаў.

На жаль, рыбная гаспадарка, не здолеўшы ўпісацца ў новыя рыначныя адносіны, не так даўно знікла з эканамічнай карты раёна. Некалькі сажалак зараз абслугоўвае рыбгас «Белае», частку ўзяў у арэнду нацпарк «Прыпяцкі». Канечне, месцічы балюча ўспрынялі знікненне вытворчасці, якая дала пасёлку жыццё, імя і дзесяцігоддзі стабільнасці. Многім прыйшлося шукаць новае месца працы. Але песімістычныя прагнозы, што паступова прыйдзе ў заняпад і сам населены пункт, на шчасце, не збыліся. Пасёлак, наадварот, з кожным годам становіцца ўсё больш камфортным, прыгожым і запатрабаваным. Тут не пустуюць хаты, людзі бяруць новыя ўчасткі і будуюцца.
На птушыным падворку
– Ніколі не хацела жыць у кватэры, – не хавае любові да зямлі Надзея Луганская, да якой мы зайшлі, каб падзівіцца на яе птушыны двор. – Калі не ленавацца, то можна мець усё сваё і на гэтым яшчэ і зарабляць.

За два дзясяткі гадоў жанчына стала ў пасёлку сваёй. Надзея Уладзіміраўна працуе станочніцай на маторабудаўнічым заводзе, а вольны час аддае ўласнай падсобнай гаспадарцы. На падворку – ўтульная зона адпачынку, абапал якой невялікая цяпліца з памідорамі-гуркамі, ладны ўчастак буякоў і два куратнікі. Убачыўшы карміцельку, чубаткі як па камандзе «уключаюць» гук. Тут іх, як высвятлілася, не адзін дзясятак. Прычым сярод звычайных нясушак ёсць і куры, якія даюць каляровыя яйкі – далікатна блакітныя, зеленаватыя і крэмавыя. Гаспадыня сама інкубіравала цыплят баркоўскай барвістай пароды, з серабрыста-пярэстым акрасам, і кучынскай юбілейнай, якую вызначае залаціста-карычневае апярэнне. Ёсць у чарадзе і некалькі зусім дзіўных прадстаўніц птушынага царства. Яны поўнасцю чорныя – ад пёраў да костак і мяса.
Адно хобі на дваіх
Чым захапляюцца жыхары гэтага дома, можна сказаць, нават не заходзячы ў двор. Адказ дадуць кветкі, што ўпрыгожваюць палісаднік з ранняй вясны да глыбокай восені. Колькі тут красуецца розных раслін, здаецца, і сама гаспадыня, маладая пенсіянерка Жана Бандзюк, не ведае.

– Сын жартуе: «Не адзін мільён закапала», – усміхаецца жанчына. – Не магу ўтрымацца, каб зноў што-небудзь не выпісаць. Напэўна, любоў гэта ад мамы: яна сеяла нагаткі, бархатцы, астры, півоні яе вунь растуць. Мне ж больш за ўсё падабаюцца хрызантэмы, яны доўга радуюць вока. А вось да руж раўнадушна.
Юка і 18 сартоў лілій, чатыры гатункі бэзу, раскошныя бегоніі ў кашпо, рададэндрон і цюльпаны, гладзіёлусы і гартэнзіі, хвойнікі і ўсыпаны ружова-ласосевымі кветкамі-трубкамі куст кампсіса – толькі невялікі пералік зялёнага багацця, у якое ўкладваюць душу абодва сужэнцы. Хобі жонкі, што даволі рэдка, згадзіцеся, бывае, поўнасцю падзяляе муж. Анатоль Васільевіч працуе аператарам камунальнай кацельні ў Жыткавічах. За лёгкую руку – парастак прыжываецца, а насенне ўсходзіць – Жанна Валер’еўна называе яго сваім галоўным батанікам.

– Мы ж адзін аднаго выгадавалі, –далучыўшыся да размовы, з лёгкай іроніяй кажа мужчына. – Дружылі з дзяцінства, у школе разам вучыліся, пасля арміі замуж пазваў. Вакзальная цыганка неяк у маладосці наварожыла, што да апошняга будзем разам. Відаць, праўду казала. Сорак чатыры гады нашаму шлюбу.
Доўгі век бабулі Марыі
Побач з Бандзюкамі жыве адна са старэйшых жыхарак пасёлка. У студзені Марыя Гулюта размяняла дзясяты дзясятак. Бабуля даўно аўдавела, дапамагае ёй сын, які вярнуўся ў бацькоўскую хату.

– Усе ногі на рабоце стаптала, – абапіраючыся на палку, асцярожна спускаецца з ганку жанчына. Яе ясны твар з праменчыкамі зморшчын вакол вачэй зусім не выдае шаноўны ўзрост. – Сямнаццаць гадоў, да пенсіі, пошту насіла, а участак быў – ад сельгастэхнікі і СПТУ да Подаўжа і Чырвонай Зоркі. На Новы год адных паштовак штодня слалі па сотні. Пасля школы не было за кім вучыцца, рабіла куды пашлюць – рыбу сартыравала, вагоны з камбікормам разгружала. А сёння мая работа – красворды рашаць, – усміхаецца.
На долю Марыі Віктараўны выпала шмат выпрабаванняў. Бацьку рэпрэсіравалі праз некалькі месяцаў пасля яе нараджэння. Фашысцкую акупацыю перажыла з роднымі ў партызанскім атрадзе на тэрыторыі Лельчыцкага раёна. Пасля вызвалення Беларусі сям’я вярнулася ў Чырвоную Зорку. Маці даўгажыхаркі рабіла за «палачкі»-працадні ў калгасе, які размяшчаўся ў той самай вёсцы Чыстая Лужа, якую мы ўжо ўспаміналі.
– Цяжка было, але весела, – вяртаецца думкамі ў маладосць бабуля. – З работы бягом у клуб беглі, каб патанцаваць пад гармошку з барабанам. А кіно прывозілі – сесці не было куды. Цяпер маладым жыць добра.
Танцуюць усе!
Завяршалі мы знаёмства з пасёлкам у клубе-музеі. Дарэчы, гэта адзіная ў раёне ўстанова культуры такога фармату.

Тамара Уладзіміраўна кіруе ёй 19 гадоў. Загадчыца расказала, як набываліся па вёсках экспанаты – ткацкі станок, лава, скрыня, жалезны ложак, самаробныя посцілкі і вышываныя рэчы. Па яе словах, тут перыядычна збіраецца за бяседаю старэйшае пакаленне. А для людзей сярэдняга ўзросту ў вялікай зале яна арганізоўвае дыскатэкі. І такія вечары настальгіі збіраюць нямала прыхільнікаў. Чырвоная Зорка жыве!







Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара
