Трынаццаты верасень дырэктара Жыткавіцкага дзяржаўнага каледжа Наталлі Ільені
Званок абвясціў перапынак і прастора адразу напоўняецца шматгалоссем. Яна ўпэўнена крочыць па калідоры, а з усіх бакоў чуюцца паважлівыя вітанні навучэнцаў. Сакратар паведамляе, што сёння, як заўжды, чарга жадаючых трапіць на прыём. А яшчэ ў раскладзе – урокі беларускай мовы.

Так пачынаецца звычайны працоўны дзень дырэктара Жыткавіцкага дзяржаўнага каледжа Наталлі Ільені. Дванаццаць гадоў яна вядзе прафтэх па дарозе ведаў, дзе даюць не толькі рабочыя спецыяльнасці, а найперш вучаць у любых абставінах заставацца чалавекам.
Шлях у прафесію
Настаўніцтва Наталля Аляксандраўна выбрала таму, што хацела быць падобнай на сваю бабулю – пра такіх людзей кажуць: яны са стрыжнем. З бацькавай маці, якая была аўтарытэтным дырэктарам не толькі школы, а і сям’і, сустрэлася ўсяго аднойчы, пасля 10 класа, а перапісвалася з дзяцінства.
– Прафесія стала своеасаблівым выклікам сабе, – тлумачыць жыццёвы выбар кіраўнік. – У школе негалосна лічылася, што белым людзям – белы хлеб, чорным людзям – чорны хлеб, тым самым намякаючы, што дачка даяркі не можа прэтэндаваць на іншы шлях. Тая псіхалагічная траўма, як не дзіўна, не зламала, а наадварот, паспрыяла развіццю лідарскага характару, выхаванню ўпартасці ў дасягненні мэты і ўменню пастаяць за сябе.
Настаўнік, намеснік дырэктара вясковай школы і першая ў гісторыі каледжа жанчына-дырэктар. Так будавалася кар’ера Наталлі Ільені і агульны педагагічны стаж у 31 год.
Паверыць у дзіця
Не сакрэт, што ў многіх навучэнцаў каледжа складаны лёс, і менавіта тут хлопцы і дзяўчаты ледзь не ўпершыню адчуваюць, што не «цяжкія», а проста маюць большую патрэбу ў душэўнай цеплыні. Наталля Аляксандраўна ўключае сваё мацярынскае сэрца, заўжды падкрэсліваючы, што яе навучэнцы – самыя лепшыя.
– Акрамя так званых сацыяльных сірот, у нас шмат падлеткаў з дэфармаваных сем’яў, дзе выхоўвае толькі адзін з бацькоў, – працягвае субяседніца. – Альбо з’яўляецца айчым і новыя дзеці, і старэйшыя адчуваюць на гэтым фоне дэфіцыт любові і сваю пакінутасць.
Строгі, але справядлівы позірк, слова падтрымкі, талент выслухаць і паверыць у дзіця – менавіта так дырэктар дапамагае студэнтам знайсці свой шлях і веру ва ўласныя сілы.
– Трэба заўжды быць сумленным у адносінах, – называе адно са сваіх правілаў Наталля Ільеня. – Калі словы разыходзяцца з учынкамі, гэтага не схаваеш. Падлеткі адчуваюць падман і губляюць давер.
А лакмус гэтага самага даверу – заўжды адчыненыя дзверы дырэктарскага кабінета, у які моладзь прыносіць свае сакрэты і дзе просіць жыццёвай парады.

Месца сілы
Лічыцца, што за кожным моцным кіраўніком стаіць нешта большае, чым прафесіяналізм. Гэта дом, сям’я, тая ціхая гавань, дзе цябе заўжды чакаюць, разумеюць без слоў, падтрымліваюць на кожным кроку. У гэтым сэнсе гераіні аповеду пашанцавала стварыць тую самую гармонію, якая называецца шчасцем. Свайго мужа Сяргея Наталля Аляксандраўна лічыць галоўнай апорай, прызнаючы яго права на главенства ў пары. Чацвёра іх дзяцей ужо вылецелі з бацькоўскага гнязда, але заўжды на сувязі з імі. Дзве ўнучкі – уцеха і радасць.
Але ж яна ўмее не дзяліць працу і сям’ю, а арганічна спалучаць. Магчыма, у гэтым і заключаецца той самы арганізатарскі талент. Не проста кіраваць, а любіць. Сваю справу, людзей, родных і само жыццё.
БЛІЦ
Як змяніўся каледж і вы?
– Памянялася яго ўспрыманне. Калі раней называлі пагардліва «хабзайня», то зараз проста каледж, а некаторыя з ноткаю асаблівай павагі кажуць «кембрыдж». А я перастала давяраць кожнаму, стала больш жорсткай у прыняцці рашэнняў.
Што цяжэй: знайсці матываванага студэнта ці ўтрымаць выдатнага педагога?
– Студэнта. Сучасныя дзеці не ведаюць, кім хочуць быць. Часта паступаюць туды, куды хопіць балаў.
Топ-тры навыкі, якімі павінны валодаць вашы выпускнікі?
– Здольнасць да навучання, дапытлівасць і адказнасць.
Калі б вы маглі змяніць адну рэч у сістэме прафтэха, што б гэта было?
– Забяспячэнне каледжаў сучаснай тэхнікай і абсталяваннем, каб, рыхтуючы кадры, ісці ў авангардзе прагрэса.
Правіла справядлівага пакарання ад дырэктара?
– Адпаведнае правіне з разуменнем, што ўсё тайнае абавязкова стане яўным. Заўжды даю чалавеку шанс. Але толькі адзіны.
Ваша любімая страва ў сталовай каледжа?
– Катлета з бульбяным пюрэ. Як, дарэчы, і ва ўсіх вучняў.
Што робіць муж, калі вы прыходзіце дадому пасля цяжкага працоўнага дня без настрою?
– Прама на парозе кватэры абдымае і мы моўчкі стаім некалькі хвілін. А потым кажа: «Падымі руку і – махні на ўсё».
Якую прафдэфармацыю заўважаеце ў сабе?
– Не магу прайсці міма дзяцей, якім пагражае небяспека падчас гульняў. А на любым нефармальным свяце гутарка з калегамі чамусьці ператвараецца ў міні-педсавет.
Чаму вас навучылі студэнты больш чым вы іх?
– Ставіцца да ўсяго лягчэй. Тут і зараз адчуваць жыццё. А пра тое, што будзе потым, падумаем заўтра.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара
