Наперад у мінулае. Зігзагі лёсу Таццяны Маразенка
Працягваем расказваць, як змянілася жыццё тых, пра каго раней пісала раёнка. На гэты раз з паліцы рэдакцыйнага архіву дасталі падшыўку “Новага Палесся” за 2004 год. У нумары, датаваным 25 верасня, наш журналіст пазнаёміў чытачоў з педагогам-псіхолагам Жыткавіцкага ПТВ-182 (сёння гэта дзяржаўны каледж) Таццянай Маразенка.

Гераіня публікацыі тады толькі пачынала тут свой прафесійны шлях. І нават не ўяўляла, што лёс падрыхтуе для яе нямала выпрабаванняў, каб зноў прывесці ў гэты ж калектыў. За плячыма Таццяны Пятроўны ўжо значылася 15 гадоў стажу. Першыя працоўныя крокі ўраджэнка вёскі Ленін зрабіла ў Грычынавіцкай васьмігодцы. Выкладаць у пачатковых класах пачала на апошнім курсе Лоеўскага педвучылішча, якое заканчвала ўжо завочна.
– Праз дэфіцыт кадраў тады гэта была звычайная практыка, – субяседніца ўспамінае пачатак верасня 1989 года, калі студэнтам прапанавалі вакансіі. – У Жыткавіцкім раёне патрабавалася два настаўнікі, я выбрала месца бліжэй да дому. Школа малакамплектная. З аднаго боку сядзелі восем другакласнікаў, з другога ў тым жа пакоі – шэсць вучняў чацвёртага класа. Хлопчыкі і дзяўчынкі паслухмяныя і старанныя, калегі – як адна сям’я. Мне было дужа камфортна.

Хутка дырэктар пачаў раіць маладому спецыялісту павышаць кваліфікацыю. Ды і маці падштурхоўвала да вышэйшай адукацыі: “Дачушка, вучыся!”. Так Таццяна Пятроўна, першая ў сям’і, дзе раслі пяцёра дзяцей, атрымала дыплом ВНУ, скончыўшы без адрыву ад працы філалагічны факультэт Мазырскага педінстытута па спецыяльнасці “Настаўнік беларускай мовы і літаратуры”.
Вясковую школу хутка прыйшлося змяніць на гарадскую. Выйшаўшы замуж, яна пераехала ў Жыткавічы, дзе якраз адкрылася СШ №3 і ёй далі чацвёрты класс. На далейшы ход падзей паўплываў стан здароўя нашай настаўніцы. Урачы, якія лячылі яе галасавыя звязкі, катэгарычна настойвалі зменшыць нагрузку на моўны апарат. З “пачаткоўцамі” такая рэкамендацыя здавалася невыканальнай.
– Так я апынулася ў прафтэхвучылішчы, – распавядае жанчына пра чарговыя перамены. – Завочна атрымала спецыяльнасць педагога-псіхолага і за дзесяць гадоў дарасла да пасады намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Здавалася, вось яно, маё педагагічнае прызванне…
Толькі сапраўдны зігзаг лёсу быў яшчэ наперадзе. Спачатку Таццяну Маразенка на тры гады забралі ў райвыканкам на час дэкрэтнага водпуску тагачаснага намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх.
– Сутыкнулася з цяжкімі лёсамі, крымінальнымі справамі, – субяседніца прызнаецца, чаму навучыў яе гэты перыяд. — Раней успрымала такіх падлеткаў як злачынцаў. Але калі сам становішся бацькам, пачынаеш разумець: гора можа здарыцца ў кожнай сям’і. Прыходзіць разуменне, а не асуджэнне.

Не менш адказнай стала і наступная кар’ерная прыступка Таццяны Пятроўны: на сем гадоў яна затрымалася ў раённым аддзеле прымусовага выканання. Новая прафесія патрабавала і новага дыплома – яна скончыла юрыдычны факультэт. Уменне знайсці падыход да людзей, веданне нарматыўнай базы, самадысцыпліна вывелі яе ў лік аднаго з лепшых выканальнікаў. Успамінаючы той час, жанчына робіць важную выснову:
– Трапіць у даўжнікі – не сорам, а бяда. Усіх абставін нельга прадугледзець. Чалавек ідзе за крэдытам у банк з упэўненасцю, што можа своечасова разлічыцца, а потым – хвароба ці страта працы, альбо яшчэ якія праблемы, і ён аказваецца ў фінансавай пастцы. Ведаеце, з таго часу сама зараклася браць пазыкі.
Тры гады таму прафесійнае жыццё Таццяны Маразенка вярнулася на кругі свае. Яна зноў дапамагае навучэнцам каледжа. Кабінет псіхолага заўсёды адчынены для тых, каму патрэбна парада і падтрымка. З цягам часу, прызнаецца, яшчэ больш палюбіла сваю працу. Галоўнае, на яе думку, верыць у сябе і не баяцца перамен.
– Мы часта думаем, што кантралюем сітуацыю. Але жыццё піша свае законы, – разважае гераіня, за плячыма якой і няпросты ўласны вопыт: распад аднаго шлюбу і стварэнне новага. – Калі чалавеку дрэнна ў якіх бы то ні было праявах – асабістых, прафесійных ці фізічных, ён не абавязаны гэта цярпець бясконца. Трэба не баяцца мяняць сітуацыю.
Сёння Таццяна Пятроўна – мудры псіхолаг, шчаслівая бабуля дзвюх унучак і мама трох сыноў. Сям’я для яе – галоўны прытулак душы. На традыцыйнае пытанне, што б сказала сабе на тым здымку 2004 года, жанчына адказала, не задумваючыся:
– Стаў родных на першае месца. Работа, кар’ера і тытулы – усё гэта важна, але яно не заменіць цеплыні зносін з самымі блізкімі людзьмі.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара і з архіву “НП”
