У Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэцы адбылася сустрэча, прысвечаная фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага»

Свята аб’ядноўвае творчых людзей, аматараў паэзіі, гісторыкаў і ўсіх, хто беражэ духоўную спадчыну Палесся. Фестываль вядзе свой пачатак з 2019 года і штогод становіцца знакавай падзеяй для рэгіёна. У гэтым годзе асноўныя мерапрыемствы праходзяць у Хойніцкім і Мазырскім раёнах, але і Жыткаўшчына не застаецца ўбаку — менавіта тут прайшла стартавая пляцоўка.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Ала Андрушчанка. Яна падкрэсліла важнасць падтрымкі талентаў, пажадала ўсім натхнення і новых творчых поспехаў. Менавіта ёю і былі ўручаны ўзнагароды. Дыплома VI абласнога літаратурнага конкурсу «Незабыўны подзвіг. Міша Мароз» удастоены Давід Рабікаў, вучань СШ № 2 г. Турава. Акрамя таго, званне лаўрэата літаратурнай прэміі «Палескія росы» атрымала Жыткавіцкая раённая сетка бібліятэк — гэта высокая ацэнка працы калектыву ў развіцці кніжнай культуры рэгіёна.

Натхнёнае выступленне прагучала ад іерэя Мікалая Кадоліча. Ён расказаў пра свой шлях на жыткавіцкай зямлі, пра штогадовыя Феадосіеўскія чытанні, якія ўжо сталі добрай традыцыяй, а таксама адзначыў, што чытанне і літаратура заўсёды былі і застаюцца апорай для душы. «У нашага народа ёсць свае каштоўнасці, духоўнае багацце, і наш абавязак — перадаваць гэта нашчадкам», — падкрэсліў ён.

Відэавітанне ўдзельнікам перадаў празаік, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Ён павіншаваў усіх з адкрыццём фестывалю і з надыходзячым Днём народнага адзінства, падкрэсліў вялікае значэнне літаратуры і культуры ў жыцці грамадства, а таксама пажадаў творчага натхнення і росквіту.

Сапраўднай паэтычнай размовай сталі выступы настаўнікаў, якія падрыхтавалі ўласныя вершы. Юлія Сахарава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 3, кранальна прачытала твор «Беларускае сонейка», напоўнены любоўю да роднай прыроды і мовы.

Уладзімір Савасценя, малады настаўнік англійскай мовы Юркевіцкай СШ, падзяліўся роздумам пра тое, што паэзія будзе блізкая моладзі, калі падымае хвалюючыя яе тэмы. Ён пажадаў пішучым юнакам і дзяўчатам знайсці свой уласны стыль, не апускаць рук, нават калі першыя творы не сустракаюць прызнання. Таксама ён закрануў пытанне, чаму нам наогул хочацца пісаць, і расказаў уласную гісторыю пачатку літаратурнай дзейнасці, а затым прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Усе ўдзельнікі, хто прадставіў свае паэтычныя радкі, атрымалі ад бібліятэкі памятныя сувеніры ў знак падзякі за творчасць.

 

Анастасія БАТАВА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!