Наперад у мінулае: Ганну Садоўскую па-ранейшаму чакаюць з нецярпеннем
Што новага ў герояў нашых ранейшых публікацый? Працягваючы рубрыку, у якой цікавімся, як змянілася жыццё людзей, пра якіх пісала раёнка, вырашылі пагартаць падшыўку за 2020 год. У нумары за 22 жніўня ў вочы кінуўся здымак мілавіднай жанчыны – Ганны Садоўскай, паштальёна Перароўскага аддзялення сувязі.


У тагачаснай нататцы журналіст адзначаў, што “жыхары паважаюць жанчыну за ўвішнасць і ветлівасць, а таксама акуратнасць у рабоце. Для Ганны Садоўскай гэта самая высокая адзнака дзейнасці”. Тады сяльчанка мела за плячыма ўсяго тры гады стажу ў РУПСе. З часам, прызнаецца, яшчэ больш палюбіла сваю прафесію.
— І графік зручны: з ранку спяшацца не трэба, ды і сярод людзей ніколі сумна не бывае, — расказвае пра перавагі сваёй працы жанчына. — Лічу, што ў любой справе трэба шукаць нешта пазітыўнае. Словам добрым перакінуўся з адным чалавекам, спытаў пра здароўе ў другога, трэцяму проста ўсміхнуўся — і дзень не дарэмна прайшоў. Жыць неабходна ў радасць.
На вёсцы, як вядома, не схаваешся. Хто чаго варты, тут хутка разбяруцца. Сваю паштарку людзі цэняць за лёгкі характар і пачуццё гумару. Уменне звесці ўсё да жартаў не раз выручала Ганну Садоўскую ў зносінах з жыхарамі, якіх абслугоўвае.
— Я ж сама красота, — са смехам успамінае жанчына сваю рэакцыю на “славу” пасля публікацыі, — а красоту надо печатать. Ну, вядома ж, выразала тую заметку для семейнага архіву. І яна, дарэчы, там не адзіная. “Новае Палессе” у нашай сям’і — любімая газета.
На яе ўчастку, які аб’ядноўвае Перароў і Перароўскі Млынок, пераважаюць пенсіянеры. Знайсці агульную мову з пажылымі дапамагае ўласны вопыт: у дзяцінстве Аня жыла пад адным дахам з бабуляй, а цяпер — з маці.

— У 82 гады, якраз у 2020-ым, яна перанесла кавід, — прыгадвае нялёгкае выпрабаванне субяседніца. — Як не старалася выконваць усе меры засцярогі, пазбегнуць заражэння не ўдалося. Я перанесла хваробу, можна сказаць, на нагах, а ёй хапіла з лішкам: узрост. Цудам выжыла…
Пасля школы, як многія равеснікі, Ганна Уладзіміраўна паехала шукаць шчасця ў вялікі горад. На дробязі не разменьвалася, білет купіла аж у саму Маскву. Скончыла там мясамалочнае вучылішча, пайшла працаваць. У выхадныя гуляла па прыгожых шумных праспектах, а сэрца клікала дадому, на роднае Палессе. Неўзабаве пайшоў з жыцця бацька, і Ганна прыняла рашэнне вярнуцца, каб падтрымаць маці.
А лёс між тым ужо рыхтаваў ёй сустрэчу з будучым мужам, Аляксандрам з Хлупіна. Добрая атрымалася пара. У іх адносінах пануюць лад, згода і паразуменне. Працаваць — дык разам, і адпачываць таксама не асобна. Наша гераіня расказала, што дужа любіць лес, дзе напітваецца гаючай энергетыкай. У грыбны сезон яе спецыялізацыя —не баравікі, што, як правіла, лічацца галоўным трафеем ціхіх паляўнічых, — а звычайныя апенькі. Яшчэ адна традыцыя – сямейная рыбалка, воднае падарожжа на прыроду. А які прыгожы двор у Садоўскіх: ружы квітнеюць тут да самых маразоў.
Сыну Віталю споўнілася 27 гадоў. За час, што мінуў з моманту публікацыі, хлопец знайшоў сваё прызванне ў праваахоўных органах, атрымаў ключы ад службовай кватэры. Для бацькоў поспехі дзіцяці заўсёды адзін з галоўных складнікаў шчасця.
Па традыцыі рубрыкі “Наперад у мінулае” мы запыталі: калі б была магчымасць звярнуцца да той жанчыны на фота шасцігадовай даўніны, што б яна сабе параіла? Ганна Уладзіміраўна адказала:
— Не трэба хвалявацца па дробязях, жыццё само ўсё расставіць як трэба.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота Алесі Ільені і з архіва “НП”
