Нялёгка далася перамога
Традыцыйна напярэдадні свята Дня абаронцаў Айчыны паміж хлапечымі камандамі навучэнцаў старэйшых класаў устаноў адукацыі райцэнтра праводзіцца вялікае спаборніцтва. Назва яго “А ну, хлопцы!” Цікавасць да гэтага мерапрыемства даволі вялікая, аб чым сведчыць мноства гледачоў, якімі поўнасцю запаўняецца глядзельная зала гарадскога цэнтра адпачынку. Так было і сёлета. Дэманстравалі свае ўменні і спрыт у конкурсе ў гэтым годзе аж шэсць каманд: з сярэдніх агульнаадукацыйных школ №1, 2, 3, 4, гарадской гімназіі і прафесійна-тэхнічнага вучылішча №182. Самае галоўнае, што хлопцы не расчаравалі гледачоў і падаравалі ўсім сапраўднае свята станоўчых эмоцый і вяселля.
Мерапрыемства пачалося традыцыйна з прадстаўлення каманд, членаў журы і аб’яўлення праграмы. Яна была даволі насычанай, давала магчымасць удзельнікам праявіць свае здольнасці не толькі ў сілавых адзінаборствах, але і мастацкіх нумарах.
Пад гукі апладысментаў пачынаецца першы нумар праграмы “Візітоўка”. Ен таксама традыцыйны, і ў ім юнакі павінны былі расказаць аб сваёй камандзе. Хлопцам праз розныя формы: літмантажы, песні, вершы гэта ўдалося вельмі добра. Асабліва пастараліся каманды прафтэхвучылішча і САШ №3. Першая нават дэманстрацыю слайдаў наладзіла, каб паўней данесці інфармацыю аб сабе і сваёй навучальнай установе. З выступленняў даведаліся і аб духоўных прыярытэтах каманд. Хлопцы паважліва адносяцца да подзвігу ветэранаў, лічаць армейскую службу пачэсным абавязкам кожнага грамадзяніна краіны, а таксама гатовы выканаць яго асабіста. Ацэньваўся і знешні выгляд каманд. І з гэтым рабяты справіліся паспяхова, большасць каманд выглядала, нібы вайсковыя падраздзяленні. Гэта дазволіла годна ацаніць выступленне ў другім конкурсе страявой падрыхтоўкі. Хлопцы ўпэўнена маршыравалі, выконвалі каманды сваіх камандзіраў па перастраенні, паварочваліся. Адным словам, усё як у арміі. Цікавым і прыгожым быў конкурс капітанаў каманд. Падчас яго камандзіры павінны былі станцаваць з дзяўчатамі вальс. Было добра відаць як многа рэпетыравалі хлопцы, бо ў танцы трымаліся годна, упэўнена вялі сваіх партнёрак.Таксама ўдзельнікі прадэманстравалі сваё ўменне трапна страляць. Тут лепшымі былі стралкі з трэцяй школы, гімназіі і чацвёртай САШ.
Пасля чатырох конкурсаў былі аб’яўлены іх вынікі, якія паспелі падвесці члены журы. Лідарства, прычым з вялікім адрывам, адразу захапіла каманда трэцяй школы. Каманды вучылішча і чацвёртай школы з роўнай колькасцю балаў на гэты час сталі другімі. Але па ўсім было відаць, што напружанне барацьбы пасля гэтых прамежкавых вынікаў толькі ўзрасце. І гэта сапраўды сталася. Агучаныя адзнакі, вобразна кажучы, “ завялі” залу з паўабарота.
— Першая ! Першая!, — скандзіравала адна частка гледачоў.
— Другая! Другая! Трэцяе! ПТВ! — яшчэ мацней стараліся крычаць навучэнцы іншых глядацкіх кампаній.
Гоман у зале сціх толькі пасля таго, як аб’явілі аб наступным конкурсе. У ім хлопцы спрачаліся на хуткасць зараджвання магазіна. Роўных у гэтым вайсковым змаганні не было прадстаўніку каманды вучылішча. Усяго 22,8 секунды яму спатрэбілася, каб зарадзіць аўтаматны магазін трыццацю патронамі. Не нашмат адстала і каманда трэцяй школы ў гэтым практыкаванні. Астатнія паказалі практычна аднолькавыя вынікі, тым цяжэй прыйшлося ацэньваць выступленне каманд.
Не меншым па напалу эмоцый і барацьбы быў і конкурс камбініраванай эстафеты. Тут рабяты дэманстравалі свае фізічныя здольнасці: паднімалі гіру, скакалі праз скакалку, скакалі ў даўжыню з месца. У апошнім практыкаванні нават прыйшлося назначаць дадатковы раўнд, каб вызначыць пераможцу. Таму і недзіўна, што да апошняга задання відавочных лідараў так і не выявілася. Кожная каманда магла пасля выканання дамашняга задання атрымаць перашае месца ва ўсёй гульні. Апошні конкурс быў таксама нялёгкім. Патрабавалася па яго ўмовах паказаць выступленне на патрыятычную тэматыку. У сродках і формах канкурсантаў не абмяжоўвалі, таму выступленні атрымаліся нядрэннымі, прасякнутыя любоўю да радзімы і павагай да яе герояў-абаронцаў.
А далей за справу ўзяліся члены журы. Іх адзнакі і вызначылі пераможцу. Хаця нялёгка далося гэта. Дзве каманды ДПТВ -182 і САШ №3 райцэнтра набралі аднолькавую колькасць балаў. Толькі дадатковы паказчык, перамога каманды вучылішча ў камбінаванай эстафеце, прынесла ім агульную перамогу ў сёлетнім конкурсе “А ну, хлопцы!”. Другое месца занялі рабяты з САШ №3 райцэнтра, а трэцімі сталі юнакі з САШ №2.
Бясспрэчна, што пераможцы і прызёры па праву заслужылі свае ўзнагароды. Але і іншым камандам не патрэбна расчароўвацца. Будзе ж наступны аналагічны конкурс, дзе яны змогуць узяць рэванш. Дарэчы, рабяты з вучылішча гэта сёлета і зрабілі. Нездарма ж гавораць, што і прайграваць патрэбна таксама годна, як і выйграваць.
С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЁВА.
