Святы Мікалай: свята цудаў, падарункаў і дабрыні, якое аб’ядноўвае пакаленні
Дзень Свяціцеля Мікалая Цудатворцы — адзін з самых светлых і паважаных свят у хрысціянскім календары, які па традыцыі адзначаецца двойчы на год: веснавы — 22 мая і зімовы — 19 снежня. Гэтае свята стала сімвалам бескарыснай дапамогі малым і дзіцячых радасцей. Яно напамінае нам аб вялікім святым, які пры жыцці рабіў цуды і дапамагаў абяздоленым, стаўшы правобразам усіх даравальнікаў падарункаў.

Але не ўсе хрысціянскія вернікі ведаюць гісторыю паходжання гэтага ўсенародна любімага свята і жыцця свяціцеля Мікалая Мірлікійскага. Таму мы вырашылі звярнуцца да іерэя Мікалая, настаяцеля прыхода Храма Свяціцеля Феадосія Чарнігаўскага ў горадзе Жыткавічы, каб ён больш падрабязна пазнаёміў з асобай гэтага выдатнага святога.
— Скажыце, калі ласка, вас назвалі Мікалаем у гонар аднайменнага святога?
— Так, я нарадзіўся ў маі, якраз перад веснавым святам Святога Мікалая Цудатворцы.
— Якая гісторыя жыцця свяціцеля Мікалая?
— Святы Мікалай нарадзіўся каля 280 года ў забяспечанай хрысціянскай сям’і ў горадзе Патары, які размешчаны на паўднёвым захадзе ўзбярэжжа Малой Азіі. З самага нараджэння яго суправаджала Божая міласць. Ужо ў грудным узросце ён вёў поснае жыццё: ужываў малако маці ў сераду і пятніцу толькі пасля вячэрніх малітваў. Гадаваўся Мікалай у спасціжэнні праваслаўнай веры, царкоўнай і дамашняй малітве, чытанні і вывучэнні слова Божага. Бачачы яго набожнасць, дзядзька епіскап Патарскі паставіў пляменніка ў ролі чытача, а потым узвёў у сан прасвітара. Пасля смерці сваіх бацькоў будучы Божы угоднік шчодра раздаваў усё дабро бедным і рабіў гэта тайна. Святы Мікалай пераехаў у юнацтве ў партовы горад Міры і правёў там усё жыццё. Ён праславіўся сваёй сціпласцю і шчодрасцю, ратаваў людзей ад пакаранняў, лічыцца апекуном дзяцей і падарожнікаў, удзельнічаў у Нікейскім саборы. Памёр святы каля 345 года. Большая частка яго мошчаў перанесена ў 1087 годзе з горада Міры ў італьянскі горад Бары, зараз знаходзяцца ў базіліцы Святога Мікалая ў Бары і на востраве Лідо ў Венецыі. У Італіі з яго мошчаў адзін раз на год — 9 мая — збіраюць гаючае міро.
— Якія самыя вядомыя цуды здзейсніў Святы Мікалай?
— Так, аднаму збяднеламу бацьку сямейства ён падкінуў золата, якое было неабходна для таго, каб выдаць траіх дачок замуж, тым самым выратаваў іх ад грэхападзення. Святы Мікалай з’явіўся ў сне імператару і выратаваў трох бязвінна асуджаных военачальнікаў ад пакарання. Падчас плавання ў Святую зямлю ён усмірыў шторм, а матроса, які ўпаў з мачты і загінуў, уваскрасіў. Падчас Першага Усяленскага сабора святы ударыў ерэтыка Арыя, за што быў заключаны пад стражу, але хутка вызвалены дзякуючы іншым епіскапам. Некаторыя цуды Святы Мікалай Угоднік здзейсніў ужо пасля сваёй смерці. Так, ён з’явіўся над асаджаным Мажайскам з мячом і храмам і тым самым прымусіў уцячы ворагаў, што прывяло да стварэння знакамітага вобраза. Адзін мусульманін, трапіўшы ў зграю ваўкоў, у адчаі прызваў Мікалая, і ваўкі адступілі, пасля чаго ў яго доме з’явілася ікона свяціцеля. У Кіеве немаўля, якое ўтапілася, было цудам вернута да жыцця перад іконай Святога Мікалая. Цудам з’яўляецца і тое, што ікона свяціцеля на Мікольскіх варотах Крамля засталася непашкоджанай пасля ўзрыву, што замацавала ўшанаванне святога як абаронцы гарадоў.
— Чаму Святы Мікалай лічыцца апекуном дзяцей і падарожнікаў?
— Апякунства Мікалая над дзецьмі ўзыходзіць ад старажытнай легенды аб тым, як ён уваскрасіў трох хлопчыкаў, якіх забіў карчмар. Таксама ён дапамагае падарожнікам, асабліва маракам, калі ў іх у дарозе здараюцца розныя непрыемнасці (крушэнне караблёў, утапленне, аварыі і інш.). Таму я раю ўсім, хто адпраўляецца ў нялёгкую дарогу або доўгае падарожжа, браць з сбой ікону Святога Мікалая і маліцца яму.
— -У чым заключаецца духоўны сэнс традыцыі дарыць падарункі ў яго дзень?
— У перайманні дабрыні і шчодрасці Святога Мікалая, тайнай дапамогі тым, каму гэта патрэбна, што сімвалізуе любоў і клопаты. Падарункі ў гэты дзень — гэта знак цудаў, падахвочванне дзяцей за іх добрыя ўчынкі, напамінанне нам усім аб духоўных каштоўнасцях і міласэрнасці, а не толькі аб матэрыяльным, перадаючы сямейныя традыцыі і ствараючы атмасферу чароўнасці.
— Калі патрэбна звяртацца да Святога Мікалая з малітвай?
— У любыя цяжкія моманты жыцця, калі патрэбна дапамога, абарона, выхад са складаных сітуацый, а таксама з просьбамі аб спрыяльнасці, здароўі дзяцей, шчаслівым шлюбе і дапамозе бедным, асабліва ў дні яго памяці. Малітву трэба чытаць шчыра, у чысціні думак як у спецыяльныя дні, так і ў будні, асабліва ў чацвер.
— Што сімвалізуе вобраз Святога Мікалая на іконе?
— Міласэрнасць, абарону і духоўную апеку. З’яўляецца сімвалам надзеі на дапамогу ў розных сітуацыях, набыцця сямейнага шчасця, абаронай для дзяцей, сірот, студэнтаў, асуджаных, падарожнікаў, маракоў, ваенных, гандляроў, натхняе нас на добрыя справы і хрысціянскія дабрачыннасці. Ікона лічыцца абаронай дома ад зла, няшчасцяў, сімвалам заступніцтва, служыць малітвенным цэнтрам, напамінаючы аб дзейснай хрысціянскай любові.
— Якія сучасныя традыцыі звязаны з жыціем Свяціцеля Мікалая?
— Яны ўключаюць у сябе дабрачыннасць, дапамогу бедным і абяздоленым, дарэнне падарункаў дзецям (іх кладуць пад падушку або ў абутак) у яго гонар, наведванне царквы, малітвы аб здароўі і дапамозе, а таксама народныя традыцыі накшталт сямейных вячэр, выканання жаданняў і абяцанняў, прымірэння. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ролі святога як апекуна дзяцей і заступніка ў цяжкія часы, зберагаючы ідэю сціпласці і шчодрасці. У наш час напярэдадні свята актыўна праводзяцца дабрачынныя акцыі, зборы падарункаў для дзяцей з малазабяспечаных, апякунскіх сем’яў і сірот, валанцёрскія ініцыятывы. Важна дапамагаць у дзень Святога Мікалая, пераймаючы прыклад Цудатворцы і не кічыцца сваёй дабрынёй, а рабіць гэта ад душы.
— Як вобраз святога адрозніваецца ад вобраза Дзеда Мароза ў свецкай культуры?
— Так, іх часта атаясамліваюць. Але адрозненне паміж імі даволі істотнае. Святы Мікалай — гэта рэальная гістарычная асоба, рэлігійны святы. А Дзед Мароз — фальклорна-язычніцкі персанаж з казак, звязаны са святам Новага года і маюць розныя карані і традыцыі.
— Якія падарункі звязаны са святам у гонар Святога Мікалая?
— У гэтае свята прынята дарыць невялікія, але прыемныя падарункі: дзецям — цукеркі, шакалад, пячэнне, пернікі, цацкі (мяккія, канструктары, галаваломкі, настольныя і развіваючыя гульні), кнігі, нешта практычнае для паўсядзённага ўжытку, а для дарослых — тэматычныя сувеніры, іконы, сімвалічныя ўпрыгожанні з рэлігійнымі сімваламі. Што б вы ні падаравалі адзін аднаму ў гэты дзень, самае галоўнае, каб падарункі былі ад душы і радавалі блізкіх, родных і сяброў.
Алена Жаўнерык
