Яна яшчэ і спявае: як жыткаўчанка Ангеліна Яцкевіч спалучае прафесію, захапленні і радасць жыцця

Пазаўчора – вучаніца, учора – студэнтка, а сёння – настаўнік. Гэта пра Ангеліну Яцкевіч – маладую, стройную, прыгожую дзяўчыну, для якой прафесія заўсёды была марай жыцця.

Яна настаўнік малодшых класаў у СШ №3 горада Жыткавічы імя І. М. Банава. Кваліфікаваны няўрымслівы і актыўны малады педагог, якога любяць дзеці і паважаюць іх бацькі.

Падрыхтоўка да ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне – усё гэта неад’емная частка работы маладога педагога. Быць настаўнікам малодшых класаў можа не кожны, бо менавіта ён фарміруе аснову ведаў, навыкаў і ўменняў у дзяцей, якія будуць імі выкарыстоўвацца на працягу ўсяго жыцця. Гэтая спецыяльнасць патрабуе праяўляць цярпімасць, эмпатыю, творчасць і любоў. Працуючы ў такім напружаным і хуткім тэмпе, любому чалавеку жыццёва неабходна перазагрузка, пераключэнне відаў дзейнасці, адпачынак, каб не адбылося прафесійнага выгарання і пагаршэння здароўя. У гэтым сэнсе Ангеліна Аляксандраўна такая ж няўрымслівая, дзейсная і энергічная, як і ў працы з дзецьмі.

Яна літаральна паспявае ўсё: і правесці час з любімым мужам, навесці парадак у доме, прыгатаваць абед і вячэру, і падрыхтавацца да заўтрашняга рабочага дня, і паразмаўляць, сустрэцца з бацькамі і сяброўкамі, і заняцца іншымі карыснымі для душы справамі. Маладая настаўніца любіць танцаваць, спяваць, займацца спортам. Таму яна часты наведвальнік тэматычных і маладзёжных дыскатэк і канцэртаў у Жыткавіцкім раённым цэнтры культуры, басейна, гарадскога катка, які, дарэчы, карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў раённага цэнтра, але сюды прыязджаюць з розных вёсак не толькі нашага раёна.  Ангеліна Аляксандраўна можа пакатацца з ледзяной горкі на так званай ватрушцы і лядзянцы, на санках, з лёгкасцю бегае на каньках і плавае ў басейне, дынамічна і энергічна танцуе і спявае караоке, наведвае канцэрты, асабліва з задавальненнем слухае народныя песні ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Нядаўна ў Жыткавічах выступала вядомая не толькі ў Беларусі група «Дразды», і малады педагог падчас канцэрта адначасова слухала вядомыя хіты музычнага калектыва і з заўзятасцю падпявала ім.

– У нашым жыцці мы павінны паспяваць зрабіць калі не ўсё, то вельмі многае,  – Ангеліна ўпэўнена, што чалавек, які працуе, павінен абавязкова адпачываць. – Ведаю, што некаторыя мае калегі пасля работы адпачываюць дома, займаюцца хатнімі справамі і нікуды не ходзяць. І гэта няправільна, таму што неабходна пераключаць віды дзейнасці, актыўна рухацца, каб на наступны дзень з новымі сіламі прыступаць да любімай работы. Хачу яшчэ пачаць прафесійна займацца вакалам. Мне падабаецца выступаць на сцэне. Пакуль што спяваю дома ці ў школе з вучнямі, але спадзяюся на тое, што мая мара некалі здзейсніцца.

Ангеліна Аляксандраўна раіць і сваім калегам, і ўсім жыткаўчанам быць больш дзейснымі, рухавымі, ініцыятыўнымі і з як мага большай карысцю адпачываць і праводзіць свой вольны час. Толькі ў такім выпадку ў чалавека не будзе прафесійнага выгарання, дэпрэсіі, хранічнай стомленасці і незадаволенасці жыццём, таму што рух – гэта і ёсць жыццё.

 

Алена Жаўнерык

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!