У Жыткавіцкім раёне жніво набірае тэмп
Лета для аграрыяў Жыткаўшчыны заўсёды гарачая пара. Але гэта не замінае шчыраваць пад ліпеньскім сонцам. Хлебаробы ААТ «Тураўшчына» поўным ходам вядуць жніво на азімых збожжавых палетках.

На гэтым тыдні наш рэдакцыйны экіпаж разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Анатолем Ермаковічам пабываў на палях гаспадаркі. Паміж аграгарадком Верасніца і вёскай Любавічы ўборка ішла поўным ходам. Нягледзячы на даволі складаныя ўмовы і спёку, аграрыі ўзялі добры тэмп. Хмары ж, кружачы над гэтым участкам, толькі дабаўлялі хуткасці.

– Агульная плошча, занятая пад азімы ячмень, уборку якога мы завяршаем, – 611 га. Ураджайнасць складае 51,8 ц/га. На гэтым участку мы вядзём уборку культуры на насенне, і яно з поля адразу ж накіроўваецца на склад, бо вільготнасць яго 12 працэнтаў, і дапрацоўка не патрэбна, – гаворыць галоўны аграном акцыянернага таварыства Міхаіл Блоцкі. – Лічу, што па цяперашняй вясне, а слупок тэрмометра апускаўся да сямі з паловай градусаў ніжэй за нуль менавіта ў тую фазу, калі завязваўся колас, гэта даволі нядрэнны ўраджай. Нашы суседзі толькі па 35 цэнтнераў атрымліваюць.
Халодная вясна і познія замаразкі адцягнулі пачатак уборкі, а зараз развярнуцца ў поўную моц не дазваляюць дажджы. Канечне, гэтая акалічнасць ускладняе работу, і на першы план выходзіць мэта – правесці жніво якасна і без сур’ёзных страт.
Каб завяршыць гэтую справу, на палетак выйшлі адразу два механізаваныя атрады з аддзяленняў «Азяраны» і «Верасніца». Восем збожжаўборачных камбайнаў, не спыняючыся ні на хвіліну, вядуць уборку. Столькі ж аўтамабіляў задзейнічаны на адвозцы зерня.
Прыкметна тое, што амаль кожны ўдзельнік жніва ў мінулым годзе намалаціў больш за тысячу тон збажыны. Таму абяцае быць багатым на рэкардсменаў і сёлетні год.

– Гэта мая ўжо дзясятая, можна сказаць, юбілейная ўборка, – гаворыць камбайнер Андрэй Мядзведзеў. – У мінулым годзе быў тысячны намалот, будзе і ў гэтым.
За ходам работ пільна сочыць вядучы аграном гаспадаркі аддзялення «Азяраны» Віталь Саскевіч.
– Хлопцы так стараюцца, што нават і на абед прыпыняцца не хочуць, спаборнічаюць паміж сабой, імкнуцца якасна, па-гаспадарску сабраць ураджай, не згубіць ніводнага зярнятка, – канстатуе ён. – Таму ў поле прывозім гарачы абед, а ўвечары яны атрымліваюць сухпаёк. Хутка перакусілі і далей працаваць.

Намалаціўшы поўны бункер, прыпыніў работу адзін з вопытнейшых механізатараў гаспадаркі Мікалай Швец.
– У тым годзе не хапіла, здаецца некалькі сотняў кілаграмаў зерня, каб узяць двухтысячны рубеж. Спадзяюся, што сёлета, калі ні ўраджай, ні надвор’е, ні тэхніка не падвядуць, гэта вышыня будзе ўзята, – гаворыць ён.
Пакуль мы размаўляем, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатоль Ермаковіч азнаёміўся з умовамі працы хлебаробаў. Сочыць, ці спраўныя тыя ж кандыцыянеры, і наогул цікавіцца ўмовамі працы. Акрамя гэтага, нагадвае таксама пра абавязковае выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі падчас палявых работ.

– Нашы хлопцы – гонар гаспадаркі. Працавітыя, добрасумленныя, напорыстыя, падтрымліваюць адзін аднаго, – характарызуе сваю гвардыю намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч. – Таму мы ўпэўнены, што ў гэтую адказную пару не падвядуць.
…З раніцы да позняга вечара гудуць на палях камбайны. Сабраць багаты сёлетні хлеб хутка і без страт – задача надзвычайнай важнасці, стратэгічная не толькі для гаспадарак, але і для раёна, вобласці, краіны.
P.S. Пакуль вярстаўся нумар, азімы ячмень у гаспадарцы поўнасцю ўбралі. Агульны намалот склаў 3184,4 тоны пры сярэдняй ураджайнасці ў 52,1 ц/га.

Аляксандр КІЦУРА
Фота аўтара
