Базар па-школьнаму: падрыхтоўка да навучальнага года ў Жыткавічах

Хутка коціцца лета, нагадваючы бацькам вучняў, што не за гарамі школа, да якой трэба рыхтавацца. Падчас журналістскага рэйду высветлілі, ці хапае ў гандлёвых кропках адпаведных тавараў і што па коштах на іх?

Базарны дзень

Вядома, у нядзелю ўсе дарогі вядуць да рынку. Палаткі з канцэлярыяй прыцягваюць погляд здаля. На прылаўках – тавары на любы густ і кашалёк.

– Хіба што пакупнікоў не хапае, – жартуе індывідуальны прадпрымальнік Наталля. – Самы пік школьнага шопінгу прыпадае на сярэдзіну жніўня, большасць людзей пакуль толькі прыцэньваюцца. У мяне 70-80% асартыменту айчыннай вытворчасці – прадметныя і звычайныя сшыткі, дзённікі, алоўкі, пластылін, фарбы.

Каля другога ралета знаёмімся з шасцікласнікам Аляксеем.

– Толькі стартуем, – паведаміла яго мама Наталля Ігараўна. – Летась была праблема з набыццём дзённікаў, таму купілі сёння іх загадзя для абодвух сыноў. За адно і абгорткі ўзялі на сшыткі і падручнікі. Хлопцы на мой густ не скардзяцца, можна браць завочна.

З абноўкаю павіншавалі і Мікіту. Будучы чатырохкласнік стаў ўладальнікам сімпатычнага заплечніка з выявай мядзве-дзя.

– Шэсць штук памераў, – у маладога чалавека быў вялікі выбар. – Гэты самы прыгожы.

Па словах мамы падлетка, Сюзаны, тавараў у продажы хапае. Канцылярыю яна набывае на працягу лета, а форму – перад пачаткам навучальнага года, каб сын не паспеў з яе вырасці за канікулы.

На гандлёвых радах прадстаўлена і адзенне для хлопчыкаў і дзяўчынак. Спаднічка каштуе 40-50 рублёў. За блузку трэба аддаць ад 30-ці, касцюмныя штаны абыйдуцца ў 40-60 рублёў. Прадаўцы кажуць, што цэны ў параўнанні з леташнімі істотна не змяніліся. А вось адток пакупнікоў назіраецца, канкурэнцыю рэальнаму гандлю стварае віртуальны. Прыхільнікаў інтэрнэт-магазінаў становіцца ўсё болей.

Поўніцца асартымент

Між тым, гэта не адмяняе патрабаванне забяспечыць прылаўкі вучнёўскім асартыментам як ў гарадскіх крамах, так і сельскіх. Для ацэнкі сітуацыі наведалі бліжэйшы аграгарадок. У Кольна нямала маладых семьяў, ёсць сярэдняя школа, значыць, і попыт на адпаведныя тавары павінен быць.

Прыватны магазін «Прэстыж» мы наведалі якраз у той дзень, калі тут афармлялі новую заяўку на канцылярскія прылады і «папяровую» прадукцыю. Але і з таго, што ёсць на палічках, партфель упаўне можна сабраць. Прадавец Галіна Мясніковіч паведаміла, што найбольшым попытам карыстаюцца сшыткі, абгорткі і дзённікі, а для збораў у дзіцячы сад бяруць алоўкі, пластылін і акварэль.

Больш сціпла пакуль выглядае куток школьніка ў магазіне спажыўкааперацыі. Але, як запэўніла прадавец Наталля Надтачэева, гэта пытанне вырашыцца ў бліжэйшы час. Пакупніцкая актыўнасць узрастае ў жніўні.

– Мы гатовыя выконваць і індывідуальныя заказы насельніцтва на тавары, неабходныя для падрыхтоўкі дзяцей да 1 верасня, – паведаміла работніца прылаўка.

 

 

 

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!