Спыталі ў жыхароў раёна, якое значэнне мае помнік Леніну ў Жыткавічах
Фёдар Белка, в. Хільчыцы:

— Гэта ў першую чаргу сімвал савецкай эпохі і яе ідэалогіі, а сам Ленін быў унікальным палітыкам, бо стварыў новую сістэму і ўзначаліў яе. Таму сучаснай моладзі неабходна ведаць гэтага чалавека, які прысвяціў жыццё працвітанню краіны і павазе да чалавека працы. І наогул, калі б не было Леніна і рэвалюцыі, то не было б і мяне, і маёй сям’і, дзяцей і ўнукаў.
Наталля Парфіановіч, г. Жыткавічы:

– Асоба Леніна была звязана з маімі школьнымі гадамі, таму што я была актыўнай піянеркай, старшынёй савета дружыны, камсамолкай, з тагачаснай савецкай ідэалогіяй, якая на дастаткова высокім узроўні прытрымлівалася. Адна з любімых кніг дзяцінства «Жыццё Леніна». Таму помнік для мяне – даніна майму акцябрацкаму і піянерскаму мінуламу.
Сяргей Атаманчук, г. Жыткавічы:

– Ён мае вялікае значэнне, таму што гэта наша гісторыя, і патрэбна, каб дзеці ведалі яе, у тым ліку і такую выдатную асобу, як Ленін, дзякуючы якому ў 1922 годзе быў утвораны СССР. Маладое пакаленне павінна валодаць інфармацыяй, што гэта за помнік, каму і з якой мэтай ён пастаўлены. Гісторыю нельга перапісваць, варта прымаць яе такой, якая яна ёсць на самай справе.
Антаніна Жукава, г. Жыткавічы:

– Лічу, што маладым людзям вельмі важна ведаць Леніна. Мы зусім іншае пакаленне, і нам трэба вывучаць і памятаць выдатных гістарычных асоб, у тым ліку і Леніна, рэвалюцыянера, палітыка якога арыентавалася на перабудову грамадства, што павінна было ліквідаваць сацыяльную няроўнасць. Вось таму і адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Алена ЖАЎНЕРЫК
Фота аўтара
