Крысціна Паўлюк, ураджэнка горада Турава, упэўнена, што прафесію выбрала правільна

Яна закончыла Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж і другі год працуе медсястрой у Жыткавіцкай раённай паліклініцы.

Крысціна Аляксееўна з мнагадзетнай сям’і, медыкаў у якой ніколі не было. Ёй з дзяцінства падабаліся розныя медыцынскія маніпуляцыі, працэдуры, аказанне дапамогі. На важны жыццёвы працэс выбару прафесіі значны ўплыў аказала бабуля. Менавіта яна хацела, каб яе ўнучка стала медсястрой. Дзяўчына прыслухалася да парады любімай бабулі і ніколькі аб гэтым не шкадуе, наадварот, вельмі ўдзячная за яе мудрасць. Зараз яна правая рука ўрача-гінеколага Уладзіміра Госцева.

Жыткавіцкую ЦРБ Крысціна Аляксееўна выбрала як першае месца работы невыпадкова. Яшчэ падчас вучобы, калі праходзіла тут практыку, зацікавілася жаночай кансультацыяй. Дзяўчыне падабаюцца зносіны з пацыенткамі, клінічныя агляды, работа з дакументацыяй. Уладзімір Госцеў, сапраўдны спецыяліст сваёй справы, навучыў яе ўсім неабходным практычным навыкам і ўменням.

Кожны дзень малады спецыяліст рыхтуе кабінет і інструментарый да прыёму, потым дапамагае доктару, рыхтуе і падае інструменты і матэрыялы, запаўняе медыцынскія карты і іншыя дакументы. Хаця дзяўчына працуе толькі другі год, яна ўжо сапраўдны спецыяліст сваёй справы, паспяхова спраўляецца з усімі задачамі і рабочымі момантамі.

У яе добрыя ўзаемаадносіны з усімі, не было ні з кім ніякіх канфліктных сітуацый. Калі дзяўчыне нешта не зусім зразумела, то і калегі, і адміністрацыя заўсёды ўсё растлумачаць, падкажуць, дапамогуць. Калектыў паліклінікі вельмі дружны, згуртаваны і добразычлівы.

Бліц

– Гарбата ці кава?

– Гарбата.

– Сава ці жаваранак?

– Жаваранак.

– Сабакі ці кошкі?

– Кошкі.

– Салодкае, кіслае, вострае ці салёнае?

– Салодкае.

– Летам ці зімой?

– Летам. Хаця нарадзілася зімой, але больш падабаецца лета.

– Пляж ці горы?

– Пляж. Люблю купацца і загараць.

– Кнігі ці фільмы?

– Фільмы.

– Без чаго не можаце абысціся?

– Без падтрымкі родных.

– Што самае важнае ў жыцці?

– Мая сям’я.

– Чаму хацелі б яшчэ навучыцца?

– Вельмі падабаецца прафесія фармацэўта. Хачу яе засвоіць, таму буду рыхтавацца да паступлення.

– Ваша самае вялікае дасягненне?

– Мая любімая работа – медыцынская сястра ў жаночай кансультацыі.

Сітуацыйныя пытанні

— Як вы паводзіце сябе ў крызіснай сітуацыі, напрыклад, пры зносінах са спужаным ці незадаволеным пацыентам?

— У першую чаргу спакойна праяўляю эмпатыю, уважліва слухаю, не перабіваючы і не паддаючыся на правакацыі. Тут неабходна даць магчымасць чалавеку выказацца, а потым трэба задаваць карэктныя пытанні і спакойна тлумачыць далейшыя дзеянні, падтрымліваючы пры гэтым візуальны кантакт. Ні ў якім разе нельга адказваць на агрэсію агрэсіяй.

— Уявіце, што не паспяваеце выканаць усе задачы да канца рабочага дня. Што будзеце рабіць?

— Застануся ў кабінеце і ўсё закончу.

— Як вы будзеце дзейнічаць пры аварыйным кантакце з біялагічным матэрыялам?

— Тэрміновая дэзынфекцыя – апрацоўка забруджанага ўчастка.

— А калі заўважыце, што калега парушае санітарныя нормы?

— Зраблю карэктную заўвагу.

Алена ЖАЎНЕРЫК

Фота Валянціны Пакарчак

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!