Наперад у мінулае. Вераніка Краеўская з Жыткавічаў і праз пяць гадоў не перастае вучыцца

На гэты раз гераіню нашай рубрыкі, у якой цікавімся жыццём тых, пра каго «Новае Палессе» пісала раней, знайшлі ў выпуску за 11 снежня 2019 года.

Наш карэспандэнт пазнаёміў чытачоў з няўрымслівай дзясяці-класніцай СШ №3 Веранікай Краеўскай, якая «знает, как все успеть». У артыкуле распавядаецца, што акрамя вучобы шмат часу дзяўчына аддае ўсялякім захапленням. Актывістка маладзёжнага руху ўдзельнічае ў розных праектах, займаецца вакалам, мае дыплом школы мастацтваў па класу акардэона, выступае ў камандзе чарлідараў, валанцёрыць. Такое насычанае жыццё нават патрабавала завесці дзённік з раскладам спраў. Жыткаўчанка прызналася: яе падбадзёрывае ўласны дэвіз «Чым больш цяжкасцяў, тым лепей вынік». І ён дзейнічае ўсялякі раз, калі хочацца здацца.

Пагутарыўшы з Веранікай, даведаліся, што сваім прынцыпам яна не здрадзіла і сёння. Выпускніца трэцяй школы, якая марыла пра творчую спецыяльнасць, абрала Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе летась атрымала прафесію палітолага. Па яе словах, вялікую ролю ў тым адыграла любоў да прадмета «Грамадазнаўства», якую прывіла настаўніца Святлана Друк. Паступіўшы на платнае аддзяленне, неўзабаве за прагу да ведаў, навуковую і грамадскую дзейнасць Вераніка атрымала бюджэтнае месца, а скончыла ВНУ з чырвоным дыпломам.

– Наш імклівы час патрабуе пастаяннага самаразвіцця – як у асобасным плане, так і ў прафесійным, – Вераніка, працуючы ў сферы рэкламнага прасоўвання таварыства прадпрымальнікаў, сёлета завяршае гадавы курс магістратуры па спецыяльнасці «Эканамічная паліталогія, аналіз і прагназаванне палітычных працэсаў» і мае намер далей штурмаваць навуковыя вяршыні ў аспірантуры (на гэты раз паглыбіўшыся ў гісторыю), а восенню выкладаць у педагагічным універсітэце. – Лічу, што выхад з зоны камфорту, рашэнне нейкіх складаных задач, імкненне да пастаўленай мэты садзейнічае росту, стварае нешта ўнутры нас. Чалавек перш за ўсё павінен быць цікавым сабе.

Дзяўчына зараз больш засяроджана на адукацыі і павышэнні кампетэнцыі. А вось студэнцкія гады запомніліся неверагоднай колькасцю разнастайных актыўнасцяў, тэмпу якіх можна толькі  здзіўляцца. Разам з выдатным асваеннем вучэбнай праграмы Вераніцы хапала часу выпрабоўваць свае здольнасці і таленты, ўдзельнічаць у масштабных мерапрыемствах. Адзін толькі пералік іх чаго варты – з праектам «Молодежь дорогами истории» у складзе групы аднакурснікаў выіграла грант прэзідэнта, стала пераможцай сталічнага этапу Усебеларускай лігі дэбатаў, неаднаразова выступала на шэрагу міжнародных грамадска-палітычных  форумаў, была запрошана на прэзідэнцкі бал, стварыла, дарэчы разам з жыткаўчанкаю Валерыяй Гулютай і пры садзейнічанні свайго школьнага трэнера Алены Шабаевай, каманду чарлідараў, якая двойчы займала прызавыя месцы ў студэнцкай лізе па гэтаму віду спорта. Вось такое жыццё на драйве.

– У Жыткавічах адбыўся мой старт у вялікае жыццё, і я ўдзячна людзям, якія паўплывалі на фарміраванне светапогляду і характару, за падтрымку, – дзеліцца субяседніца. – А чаго пажадала б сабе пяць гадоў таму? Яшчэ больш вучыцца і назапашваць вопыт, напаўняць сябе і глыбей пазнаваць. Гэта вечныя каштоўнасці.

 

 

Святлана ШАКАЛЯН

Фота з архіва «НП» гераіні публікацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!